РУМЯ́НЦАЎСКІ ГУРТО́К,
група вучоных гісторыкаў і археографаў, якая ўпершыню ў гісторыі рас. навукі ў шырокіх маштабах пачала выяўленне і збор дакумент. помнікаў па гісторыі Расіі ў айчынных і замежных архівах і бібліятэках. Існаваў з 1810-х г. да 1826. Засн. ў Пецярбургу М.П.Румянцавым. Уваходзілі М.М.Бантыш-Каменскі, А.Ф.Маліноўскі, К.Ф.Калайдовіч, І.І.Грыгаровіч і інш. Амаль усе члены гуртка былі членамі Камісіі друкавання дзярж. грамат і дагавораў. На сродкі Румянцава і з яго дапамогай выдадзены падрыхтаваныя членамі гуртка археаграфічныя працы, летапісы, помнікі л-ры, даследаванні па гісторыі рус. і слав. народаў; «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), «Старажытныя расійскія вершы, сабраныя Кіршам Данілавым» (2-е выд., 1818), «Звесткі аб працах Швайпольта Фіёля, старажытнага славянскага друкаршчыка» (1820) — адно з першых рас. даследаванняў па гісторыі кнігадрукавання, «Іаан Экзарх Балгарскі» Калайдовіча (1824), «Помнікі расійскай славеснасці XII ст.» (1821) і інш. Члены гуртка цікавіліся таксама археалогіяй, нумізматыкай, этнаграфіяй, мовамі народаў Расіі. Вял. работу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі праводзілі Грыгаровіч (падрыхтаваў «Беларускі архіў старажытных грамат», склаў «Слоўнік заходнерускай гаворкі») і Калайдовіч — аўтар навук. апісання і кароткага слоўніка бел. мовы. Намаганнямі членаў гуртка ў навук. ўжытак уведзены шматлікія дакументы і матэрыялы, сфармуляваны прынцыпы публікацыі гіст. крыніц і ўзоры іх навук. апісання, зроблены першыя спробы гіст.-літ. і лінгвістычнай распрацоўкі помнікаў. Гурток распаўся пасля смерці Румянцава.
Літ.:
Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.
С.А.Кузняева.
т. 13, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)